У Расіі хочуць забараніць уезд гурту «Бі-2»

Дэпутат думскай фракцыі «Справядлівая Расія — За праўду» Дзмітрый Кузняцоў звярнуўся да кіраўніка ФСБ Аляксандра Бортнікава з просьбай разгледзець магчымасць забароны ўезду ў Расію для салістаў гурта Бі-2 Шуры (Аляксандра Умана) і Лёвы (Ягора Бортніка), паведамляе ТАСС.

28.07.2022 / 22:28

На думку дэпутата, музыкі «занялі актыўна антырасійскую пазіцыю» ў пытанні вайны ва Украіне: адхілілі ад працы некалькіх сваіх супрацоўнікаў за іх падтрымку «спецаперацыі», выпусцілі кліп з расійска-ўкраінскім палітычным падтэкстам, скасавалі свой канцэрт у Омску праз наяўнасць банэра з літарай Z.

Раней ФСБ забараніла ўезд на тэрыторыю РФ «артыстам, якія не маюць расійскага грамадзянства, і пры гэтым выступаюць з антырасійскімі заявамі», адзначае Кузняцоў. Паводле яго слоў, салісты «Бі-2» у сваіх інтэрв'ю неаднаразова падкрэслівалі, што яны не грамадзяне Расіі.

Салісты «Бі-2» Аляксандр Уман і Ягор Бортнік — сапраўды не расіяне, а грамадзяне Беларусі. Падчас пратэстаў 2020 года яны апублікавалі відэазварот у сваёй афіцыйнай групе ў «ВКонтакте», у якім сказалі, што не могуць без болю назіраць за тым, што адбываецца на вуліцах гарадоў іх роднай краіны.

Nashaniva.com