Украінскі Генштаб: Ракетная пагроза з Беларусі будзе існаваць яшчэ тры месяцы

Генштаб УСУ заявіў, што пагроза ракетных абстрэлаў з боку Беларусі будзе захоўвацца яшчэ 3 месяцы, хоць імавернасць узброенага ўварвання з боку Беларусі па-ранейшаму ацэньваецца як нізкая. Пра гэта сказаў намеснік начальніка галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштаба Украіны Аляксей Громаў.

28.07.2022 / 20:26

Запуск ракеты з аэрадрома Зябраўка пад Гомелем. Фота: Беларускі гаюн

«Не выключаецца магчымасць ажыццяўлення сіламі падраздзяленняў спецыяльных аперацый Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь сумесна з падраздзяленнямі спецыяльнага прызначэння і баевікамі прыватных вайсковых кампаній Расійскай Федэрацыі ўзброеных правакацый», — сказаў Громаў падчас брыфінгу.

Правакацый чакаюць у прыгранічных раёнах Гомельскай і Брэсцкай абласцей. У Кіеве мяркуюць, што іх мэтай можа быць стварэнне сярод беларусаў антыўкраінскіх настрояў.

Nashaniva.com