Віцебскага тыктокера пасадзілі за антываенны верш, у якім угледзелі абразу Лукашэнкі

На 1 год і 9 месяцаў пазбаўлення волі асудзілі 62-гадовага жыхара вёскі Вымна Віцебскага раёна Аляксея Вячэрняга. Як пішуць «Народныя навіны Віцебска», нагодай стаў відэаролік з вершам у TikTok, які прагледзелі 244 разы.

28.07.2022 / 16:40

Відэаролік з вершам быў апублікаваны 20 сакавіка. Следства знайшло ў ім «выяўленую ў непрыстойнай, прыніжанай і зняважлівай форме публічную абразу Аляксандра Лукашэнкі, што негатыўна ацэньвае апошняга і ўтрымлівае ненарматыўную форму маўленчага выказвання».

Мужчына расказаў, што верш ён напісаў пасля таго, як з тэрыторыі Беларусі былі абстраляныя ўкраінскія гарады. Потым ён запісаў відэаролік і апублікаваў у сацсетцы.

Сілавікі правялі ператрус дома ў Аляксея Вячэрняга, знайшлі сшытак з рукапісам верша, а таксама смартфон з уліковым запісам TikTok.

Мужчыну прызналі вінаватым у публічнай абразе Лукашэнкі. 

Аляксей Вячэрні — этнічны ўкраінец, ён нарадзіўся ў Чаркаскім раёне. У Вымне стварыў аграэкасядзібу, дзе расце больш за 100 сліў і каля 90 вішань. Мужчына актыўна ўдзельнічае ў самадзейнасці і фестывалі нацыянальных культур. Пра яго неаднаразова пісала раённая газета «Жыццё Прыдзвіння».

Nashaniva.com