Рэктар меда выдыхнуў: Мікалай Лукашэнка падаў дакументы ў БДУ, імаверна на біяфак

Як стала вядома «Нашай Ніве», Мікалай Лукашэнка ў ходзе ўступнай кампаніі падаў дакументы ў БДУ. Тым самым калектыў мінскага медыцынскага ўніверсітэта выдыхнуў, а біяфака БДУ — напружыўся. 

25.07.2022 / 15:52

На выпускным міністр адукацыі Андрэй Іванец асабіста ўручыў медаль Мікалаю Лукашэнку

Імаверна, Мікалай Лукашэнка падаў дакументы на спецыяльнасць «Біятэхналогіі» ў БДУ.

Раней ужо паведамлялася, што пад гэтую спецыяльнасць на біяфаку збіралі вузкі калектыў алімпіяднікаў, бо лічылася, што малодшы Лукашэнка пойдзе вучыцца туды, але пэўнасці не было — Лукашэнку чакалі таксама і ў медыцынскім універсітэце. 

Чытайце: VIP-група і прэтэнзіі да ЦТ: Лукашэнка рыхтуецца адправіць Колю на біяфак БДУ?

Адметнасць біяфаку ў тым, што ім кіруе прафесар Вадзім Дзямідчык, чалавек у нейкім сэнсе з унікальным лёсам: ён быў старшым навуковым супрацоўнікам у Кембрыджы, а таксама шмат год кіраваў лабараторыяй ва ўніверсітэце Эсэкса, які ўваходзіць у топ-10 брытанскіх ВНУ. 

Праз 10 год працы ў Брытаніі Дзямідчык вярнуўся працаваць у Беларусь. Яго палітычныя погляды — адданасць Лукашэнку, навуковая біяграфія — паважаная сярод калег. 

Дзе Мікалай Лукашэнка здаваў цэнтралізаванае тэставанне і ці здаваў яго ўвогуле, невядома.

Nashaniva.com