Беларус утапіўся на пляжы ў Клайпедзе, яшчэ дваіх выратавалі

23 ліпеня ўвечары на пляжы Гіруляй у Клайпедзе патануў беларус. Яшчэ двух мужчын, якія купаліся разам з ім у моры, выратавалі. Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на літоўскага выдаўца і журналіста Антанаса Станявічуса.

24.07.2022 / 19:43

Падчас ратавальнай аперацыі

«Двух мужчын выцягнулі на бераг. Іх рэанімавалі, медыкі аказалі ім дапамогу. Каманда ратавальнікаў, вадалазаў і верталёт шукалі мужчыну ў моры», — піша Станявічус.

Раніцай у нядзелю, 24 ліпеня, кіраўнік ратавальнікаў «Клайпедзкія пляжы» паведаміў выданню AtviraKlaipeda.lt, што цела патанулага дагэтуль не знайшлі.

«У суботу ў моры былі вялікія хвалі, узнялі чырвоны сцяг. Трое хлопцаў з Беларусі купаліся і трапілі ў адбойную хвалю. Двух мы выратавалі, адзін знік без вестак», — паведаміў ён.

Падчас ратавальнай аперацыі

Паводле ратавальніка, усе трое грамадзян Беларусі працавалі ў адной фірме, зарэгістраванай у Троках.

Паліцыя паведаміла, што ў 41-гадовага выратаванага мужчыны ў крыві было 1,26 праміле алкаголю. Другі, 38-гадовы мужчына, якога выратавалі, быў цвярозы.

Паведамляюць, што мужчына, які знік без вестак, 1980 года нараджэння.

Сёлета гэта першая ахвяра на пляжы ў Клайпедзе.

Nashaniva.com