КДБ унёс у «тэрарыстычны» спіс яшчэ восем беларусаў. Што пра іх вядома

КДБ ўнёс у спіс асоб, «якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці», яшчэ восем беларусаў. Цяпер у ім ужо 888 чалавек.

22.07.2022 / 15:43

У спіс патрапілі Віталь Барысевіч, Юрый Станеўскі, Арцём Мазанік, Цімафей Галубко, Аляксей Кудасаў, Алена Лазарчык, Аляксандр Пеўнікаў і Андрэй Сачэўка.

Віталя Барысевіча затрымалі нібыта за актыўны ўдзел у беспарадках у раёне ГЦ «Рыга» ў жніўні 2020 года: яго асудзілі да 6 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Праграміст Арцём Мазанік затрыманы ў студзені гэтага года паводле крымінальнага артыкула 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

У чым канкрэтна абвінавацілі Аляксея Кудасава, невядома: справа разглядалася на закрытым пасяджэнні. Яго судзілі па 4 артыкулах КК, у тым ліку па ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання), і прысудзілі да 11 гадоў калоніі.

Алёна Лазарчык — актывістка «Еўрапейскай Беларусі», яе затрымалі 30 студзеня мінулага года таксама па 342-м артыкуле.

Цяпер у «тэрарыстычным» спісе КДБ 888 чалавек, з іх 147-беларусы.

Nashaniva.com