На поўначы Расіі да людзей выйшла белая мядзведзіца з бляшанкай з-пад згушчонкі ў пашчы. Ёй дапамаглі

Днямі да людзей у пасёлку Дыксан на поўначы Краснаярскага краю Расіі выйшаў белы мядзведзь, у якога ў пашчы захрасла бляшанка з-пад згушчонкі. Жывёліна, не могучы самастойна ад яе пазбавіцца, патрабавала дапамогі і атрымала яе, піша «Бі-бі-сі».

21.07.2022 / 17:52

Здымак ілюстрацыйны. Фота: wwf.ru

Пра выратаванне жывёліны паведаміла ў Тэлеграме кіраўніца Распрыроднагляду Святлана Радзівонава.

Ратаваць звера вылецелі ветэрынары з Масквы. Яны прыбылі ў Нарыльск з неабходнымі інструментамі і медыкаментамі. Падчас аперацыі мядзведзя пазбавілі магчымасці рухацца пры дапамозе спецыяльных сродкаў, якія не наносяць шкоды здароўю.

«Літаральна на працягу дзесяці хвілін мядзведзь быў нерухомы, бляшанка паспяхова выдаленая, а цяпер ідзе апрацоўка языка, бо на ім мноства парэзаў», — расказаў прадстаўнік запалярнага філіяла «Нарнікеля», які прымаў удзел у выратавальнай аперацыі.

Мядзведзь, дарэчы, аказаўся даволі маладой самкай вагой кілаграмаў 80-90.

Nashaniva.com