У Брытаніі сарвалі рэкордны джэкпот у еўрапейскай латарэі

Уладальнік латарэйнага білета з Вялікабрытаніі сарваў рэкордны джэкпот агульнаеўрапейскай латарэі EuroMillions у памеры 195,7 мільёна фунтаў стэрлінгаў (230 мільёнаў еўра). Пра гэта паведамляе BBC.

20.07.2022 / 20:39

Брытанскі латарэйны аператар Camelot пацвердзіў, што гаворка ідзе таксама пра найбуйнейшы латарэйны выйгрыш за ўсю гісторыю Вялікабрытаніі.

Цяпер уладальнік пераможнага білета павінен звязацца з аператарам і пацвердзіць свой выйгрыш. Калі ён гэтага не зробіць, сума пераходзіць да наступнага джэкпота.

Розыгрыш EuroMillions адбываецца кожны аўторак і пятніцу ў дзевяці краінах Еўропы. Для выйгрышу джэкпота ўладальніку білета трэба адгадаць сем лічбаў: пяць звычайных і дзве бонусныя (Lucky Star).

Летась джэкпот у 210 мільёнаў еўра ў латарэю EuroMillions сарваў жыхар Швейцарыі.

Nashaniva.com