Мова наша. Улад Бумага ці Улад Папера? Як правільна казаць па-беларуску?

Беларускі блогер і спявак Улад А4 выкладае забаўляльныя відэа на ютуб ужо больш за 7 гадоў і за гэты час займеў амаль 41 мільён падпісантаў, але ў беларускамоўным інтэрнэце ўсё яшчэ можна сустрэць няправільна напісанае прозвішча блогера. Дык як усё ж: Улад Бумага ці Улад Папера?

17.07.2022 / 10:44

Згодна з моўнай традыцыяй уласныя імёны (а гэта прозвішчы, імёны, назвы геаграфічных аб’ектаў і падобнае) не перакладаюць, але могуць транслітараваць, напрыклад:

Прозвішча літаратурнага героя Джоан Роўлінг — Harry Potter — перакладаецца як «ганчар», але ж па-беларуску герой завецца Гары Потэр. Ягонае імя не перакладзенае, але адаптаванае да беларускай мовы: страціла нехарактэрны падвоены зычны.

Ці іншая вядомая асоба — акцёр Джуд Лоу (Jude Law), ягонае прозвішча азначае «закон». А прозвішча спявачкі Кэці Пэры (Katy Perry) наўпрост перакладаецца як «грушавы сідр». Дарэчы, на гэтым прыкладзе таксама можна заўважыць, як замежнае прозвішча падпарадкоўваецца беларускаму правапісу: знікае лішні зычны, а на канцы -ы, бо гук [р] можа быць толькі цвёрдым.

Такім чынам, прозвішча беларускага блогера (а Бумага — гэта сапраўднае прозвішча, а не псеўданім) варта пакінуць такім, якое яно ёсць.

Nashaniva.com