Ваеннаму аналітыку Ягору Лебядку далі 15 сутак

Як стала вядома «Зеркалу», ваеннаму аналітыку Ягору Лебядку прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту па артыкуле 24.3 КаАП «непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў».

15.07.2022 / 15:56

Працэс праходзіў у судзе Цэнтральнага раёна, пастанову выносіла суддзя Вікторыя Шабуня.

Лебядка затрымалі раніцай 12 ліпеня. Неўзабаве сілавікі апублікавалі відэа з ім. На ім аналітык, усміхаючыся, распавядаў, што дае інтэрв'ю «каналам, прызнаным у нас экстрэмісцкімі на тэму вайны ва Украіне і па іншых пытаннях».

Лебядка затрымалі дома ў Смалявічах. Якую структуру прадстаўлялі сілавікі, незразумела. Падчас ператрусу ў эксперта канфіскавалі сістэмны блок і мабільны тэлефон. З якой прычыны яго затрымалі, невядома.

Nashaniva.com