Прэзідэнт Шры-Ланкі паведаміў пра сваю адстаўку імэйлам

Гатабая Раджапакса спачатку збег на Мальдывы, а потым перабраўся ў Сінгапур.

14.07.2022 / 18:27

Фота: AP

Прэзідэнт спачатку збег на Мальдывы ў аўторак вечарам на ваенным самалёце. У паведамленнях гаворыцца, што ён вылецеў рэйсам Саудаўскай авіякампаніі ў суправаджэнні жонкі і двух целаахоўнікаў.

Сёння Гатабая Раджапакса прыбыў у Сінгапур. Урад Сінгапура заявіў, што яму дазволілі ўезд з прыватным візітам. Няясна, застанецца Раджапакса там ці пераедзе ў іншае месца, паведамляе «Бі-бі-сі».

«Ён не прасіў прытулку, і яму не быў дадзены які-небудзь прытулак. Сінгапур, як правіла, не задавальняе просьбы аб наданні прытулку», — заявіла Міністэрства замежных спраў Сінгапура.

Тым часам на Шры-Ланцы в.а. прэзідэнта Раніл Вікрэмесінгхе ў чацвер увёў каменданцкую гадзіну, каб здушыць пратэсты, якія пачаліся на мінулым тыдні з-за моцнага эканамічнага крызісу ў краіне.

Nashaniva.com