Ва Украіне засакрэцілі звесткі пра страты на вайне

Страты Украіны на вайне і інфармацыя пра колькасць загінулых з'яўляюцца дзяржаўнай таямніцай. Гэтыя звесткі не раскрываюць, каб вораг не змог выкарыстаць інфармацыю.

14.07.2022 / 16:01

Пра гэта заявіла намесніца міністра абароны Ганна Маляр, піша «РБК-Украіна».

«Лічбы загінулых з'яўляюцца дзяржаўнай таямніцай падчас ваеннага становішча. Гэта абумоўлена ваеннай мэтазгоднасцю і тым, што вораг не павінен ведаць гэтыя лічбы і выкарыстоўваць гэта для ўласных магчымасцяў», — адзначыла Маляр.

Таксама яна заклікала не распаўсюджваць неправераныя звесткі пра колькасць загінулых і іншыя страты ўкраінскай арміі.

«Мы звяртаемся да грамадзян, грамадскіх ініцыятыў, якія спрабуюць публічна ўсталёўваць гэтыя лічбы, думаючы, што хтосьці іх хавае, гэта не так, не працуйце на ворага і не адкрывайце гэтыя лічбы да заканчэння ваеннага становішча», — заявіла намесніца міністра

Nashaniva.com