CNN: Наступная фаза вайны можа вызначыць яе вынік

Вайна ва Украіне падышла да чарговых ростаняў, і ідзе падрыхтоўка да трэцяга акту баявых дзеянняў, які можа пераламаць баланс канфлікту, пішуць у аналітычным артыкуле журналісты CNN.

14.07.2022 / 09:31

Фота: AP

Чакаецца, што наступным крокам Уладзіміра Пуціна будзе наступленне на Данецкую вобласць, захоп якой будзе азначаць захоп усяго Данбаса, дзе з 2014 года знаходзяцца сепаратысцкія прарасійскія групоўкі.

Але калі і як гэта адбудзецца, пакуль незразумела. У той час як Расія працягвае інтэнсіўныя авіяўдары, расійскія сухапутныя войскі знаходзяцца ў сярэдзіне аператыўнай паўзы.

Гэта можа даць украінскай арміі час для падрыхтоўкі да абароны тых частак Данецкай вобласці, якія яна ўсё яшчэ ўтрымлівае. Таксама захоўваецца верагоднасць контрнаступлення Кіева ў іншых частках краіны, у тым ліку ў Херсоне.

Наступная фаза поўнамаштабных баявых дзеянняў, калі яна пачнецца, можа аказацца не апошняй, піша CNN, але яна можа вызначыць будучыню цэнтральнага рэгіёна Украіны — і, на думку аналітыкаў, у значнай ступені вызначыць вынікі вайны.

І далёка не факт, што Пуцін спыніць яе, калі яму ўдасца захапіць увесь Данбас, адзначаюць эксперты.

Nashaniva.com