У Салігорску дзве маленькія дзяўчынкі наелі ў краме прысмакаў амаль на 200 рублёў

Дзяўчынкі пяці і шасці гадоў гулялі недалёка ад крамы. Час ад часу яны заходзілі ўсярэдзіну і не пытаючыся ды нічога не плацячы бралі напоі, марозіва, батончыкі, шакаладныя яйкі і іншыя прысмакі. У выніку яны так спажылі тавару амаль на 188 рублёў, піша мясцовы сайт.

11.07.2022 / 19:27

Фота ілюстрацыйнае

З-за невялікага росту дзяўчынак персанал крамы нават не звяртаў на іх увагі, але пазней тое, чым яны займаліся, супрацоўнікі крамы разгледзелі на запісах камер відэаназірання.

Сем'і дзяцей праверылі, але аказалася, што абвінаваціць іх няма ў чым: дарослыя не вучылі дзяўчынак браць чужое, а рабілі яны так толькі па наіўнасці і несвядомасці.

Таму ўрэшце вырашылі нікога за крадзеж не караць, правёўшы толькі тлумачальную працу. Адно што толькі бацькам давядзецца кампенсаваць прычыненую шкоду.

Nashaniva.com