Палітзняволеная Наталля Падлеўская выйшла на волю. Суд даў ёй тэрмін нашмат меншы, чым прасіў пракурор

На судзе адбылася даволі незвычайная для нашых умоваў рэч. Пракурор запатрабаваў для жанчыны 2,5 года зняволення. Суддзя абмежаваўся годам калоніі і штрафам у 100 базавых велічынь (3200 рублёў). На практыцы гэта абярнулася вызваленнем у зале суда, бо адведзены тэрмін жанчына ўжо адсядзела, піша «Вясна».

11.07.2022 / 18:21

56-гадовую Наталлю Падлеўскую затрымалі летась у лістападзе за каментарыі пра Лукашэнку, Касьянчык і іншых прадстаўнікоў улады. Больш за паўгода яе пратрымалі пад следствам у СІЗА, дзе ў яе абвастрыліся хранічныя захворванні. На судзе, які праходзіў у закрытым рэжыме, жанчына ўвесь час была ў кайданках — ёй дазволілі зняць іх, толькі каб падпісаць дакументы.

4 ліпеня Наталля выйшла на волю па заканчэнні тэрміну, нават не дачакаўшыся разгляду апеляцыйнай скаргі.

Nashaniva.com