З футбольнага клуба «Віцебск» выганяюць гульцоў. Меркавана, з-за праверкі на алкатэстары

На пачатку ліпеня «Віцебск» расстаўся з некалькімі футбалістамі: абаронцам Андрэем Лебедзевым, паўабаронцам Яраславам Яроцкім і форвардам Глебам Рассадкіным. Для нашых рэалій гэта справа звыклая, улічваючы, што клуб ідзе на 13-м месцы ў табліцы. Але адкрыліся магчымыя прычыны звальнення гульцоў.

11.07.2022 / 11:28

Андрэй Лебедзеў, Яраслаў Яроцкі, Глеб Рассадкін

Як напісаў у сваім тэлеграм-канале тэлекаментатар і інсайдар Уладзіслаў Татур, гульцоў першай каманды правяралі на алкатэстары. Мяркуючы па ўсім, праверку прайшлі не ўсе.

Доказаў сваёй інфармацыі Татур не прыводзіць.

Гэтую інфармацыю пракаментаваў іншы спартыўны журналіст Мікалай Хадасевіч:

«Разумееце, што гэта ўсё не працуе, гэта не прафесійны клуб, і, канечне, футбалісты былі ў шоку, і тыя, хто рэжым выконвае, і тыя, хто не выконвае. Шок дзікі, бо гэта гурток самадзейнасці.

Гэта, вядома, моцна б'е па персоне маладога галоўнага трэнера Яўгена Чарнухіна, калі вось так вось кіраўніцтва з ім ці без яго прыходзіць і правярае футбалістаў, чым яны займаліся напярэдадні вечарам, то гэта значыць, што ў галоўнага трэнера няма ніякага кантакту з камандай. Гэта значыць, ён не з'яўляецца для гульцоў аўтарытэтам. Гэта значыць, яны не будуць яго слухацца. Гэта проста бязладдзе, разлад і ўсё такое, асабліва для вопытных футбалістаў».

Лебедзеў, Яроцкі і Рассадкін з'яўляюцца падпісантамі праўладнага ліста спартсменаў.

Nashaniva.com