«Называць гэта акупацыяй — зручная пазіцыя, але гэта не так». Максім Кац выказаўся пра прысутнасць расійскіх вайскоўцаў у Беларусі

Расійскі палітык і блогер Максім Кац 10 ліпеня на сустрэчы з беларускімі журналістамі ў Варшаве заявіў, што Беларусь павінна прызнаць адказнасць за саўдзел у агрэсіі супраць Украіны, піша «Радыё Свабода».

11.07.2022 / 11:16

Фота: Інстаграм Максіма Каца

«Называць гэтую справу акупацыяй — гэта такая зручная пазіцыя: кшталту, мы, як украінцы, нас таксама акупавалі, мы ахвяры», — сказаў Максім Кац у адказ на ​​пытанне BPN.

На яго думку, апісанне прысутнасці расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі і залежнасці рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ад афіцыйнай Масквы як «акупацыі» з'яўляецца спосабам «крыху ўцячы ад рэальнасці».

«І акупацыяй, вядома, нельга гэта назваць, таму што, калі дзейны ўрад дае праход [расійскім] войскам [для наступу на Украіну] — гэта не акупацыя. І саагрэсарам можна назваць Лукашэнку, рэжым, але ніяк не беларусаў, — сказаў расійскі грамадскі дзеяч і блогер Масім Кац. — Вінаваціць у чымсьці народ наогул, на мой погляд, нельга. Народ не даваў праходу ніякім войскам, не народ гэта вырашаў. Народ зусім іншага хацеў. І абвінавачанні беларусаў [у агрэсіі] наогул мне не зразумелыя».

Падобнае стаўленне, лічыць Кац, можна прымяніць і да Расіі, і ў такім выпадку сказаць, што яна «акупаваная пуцінскай камандай».

Аднак, на думку Каца, Беларусь у далейшым павінна прызнаць адказнасць за тое, што адбылося:

«Не віну, але адказнасць. Яна ёсць, паколькі ўрад гэта зрабіў. Ён нелегітымны, ён не прадстаўляе беларусаў, беларусы не вінаватыя, але, тым не менш, гэта было. І гэта можа дапамагчы ў далейшым развіцці краіны. Але гэта будзе ўнутрыбеларуская дыскусія».

Nashaniva.com