Даўно пра вас не чулі. Януковіч раіць украінцам «не хлусіць пра перамогі» і пайсці на саступкі

Беглы экс-прэзідэнт Украіны апублікаваў зварот да ўкраінцаў, каб «падзяліцца думкамі пра тое, што рэальна могуць зрабіць самі ўкраінцы, каб наблізіць мір».

06.07.2022 / 17:41

Януковіч заклікаў «патрабаваць праўды», таму што «людзі стаміліся ад прапаганды, ад бесперапынных «пераможных рэляцый», а ўкраінскую ўладу назваў «недасведчанай і авантурыстычнай».

«Можа, хопіць хлусіць пра пастаянныя «перамогі», тады як сітуацыя ў краіне сведчыць зусім пра іншае? Мне здаецца, што сёння як ніколі патрэбная адэкватная ацэнка сітуацыі і павага да самых розных меркаванняў грамадзян Украіны. Яны самі маюць зрабіць выбар — змагацца «да апошняга ўкраінца» або намагацца захаваць тое, што яшчэ засталося», — напісаў ён.

Януковіч лічыць, што «важна даць магчымасць выказацца ўсім, хто мае канструктыўныя прапановы». Ён таксама дадаў, што ведае, якія наступныя крокі і рашэнні «дапамогуць дасягнуць міру».

«Такія крокі насустрач адзін аднаму будуць цалкам адпавядаць інтарэсам і чаканням украінскага народа і будуць мець падтрымку з усіх бакоў», — заявіў ён.

Nashaniva.com