Эрдаган: Швецыя паабяцала экстрадаваць у Турцыю 73 чалавекі. Калі іх не выдасць — не ратыфікуем пагадненне 

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў, што Швецыя паабяцала экстрадаваць у Турцыю 73 чалавекі, якіх Анкара падазрае ў тэрарызме. Пра гэта Эрдаган сказаў падчас прэс-канферэнцыі ў Мадрыдзе, паведамляе CNN.

30.06.2022 / 22:58

Калі абяцанне не будзе выканана, Турцыя можа заблакаваць запрашэнне Швецыі ў НАТА праз нератыфікацыю пагаднення сваім парламентам, адзначыў турэцкі лідар.

У мемарандуме, які складаецца з 10 артыкулаў, гаворыцца пра тое, што Швецыя і Фінляндыя дадуць адказ на запыты Турцыі аб экстрадыцыі падазраваных у тэрарызме ў адпаведнасці з Еўрапейскай канвенцыяй аб выдачы.

29 чэрвеня ў каментары CNN прэм'ер-міністр Швецыі Магдалена Андэрсан паведаміла, што краіна распачне крокі па «супрацьдзеянні тэрарыстам», але «будзе прытрымлівацца шведскіх і міжнародных канвенцый, калі гаворка пойдзе аб экстрадыцыі».

11 чэрвеня Міністэрства юстыцыі Фінляндыі адмовіла Турцыі ў выдачы асоб, якіх яна лічыць членамі тэрарыстычнай арганізацыі, паведамляе Yle. Гаворка ідзе пра запыты на экстрадыцыю, якія Турцыя накіравала ў Фінляндыю ў 2019-2022 гадах.

У пачатку чэрвеня гэтага года Хельсінкі атрымаў ад Анкары дзесяць запытаў на экстрадыцыю, па сямі з якіх было прынята рашэнне, два чалавекі экстрадавалі.

29 чэрвеня на саміце ў Мадрыдзе НАТА запрасіла Швецыю і Фінляндыю ўступіць у НАТА. Цяпер запрашэнне павінны ратыфікаваць парламенты 30 краін — чальцоў НАТА.

Nashaniva.com