Новы палітычны прысуд на 15 гадоў. Гэтым разам — грамадзяніна Расіі

У Гомельскім абласным судзе 30 чэрвеня быў агучаны прысуд па крымінальнай справе супраць 33-гадовага мясцовага жыхара Андрэя Паднябеннага. Ён мае расійскае грамадзянства, але з шасці гадоў жыве ў Беларусі і мае дазвол на жыхарства, піша «Вясна».

30.06.2022 / 19:57

Андрэя ў закрытым рэжыме абвінавацілі па шэрагу цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі: ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 218 (замах на наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне чужой маёмасці), ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання), ч. 1 і ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму) за падпал машыны начальніка Упраўлення дэпартамента выканання пакаранняў, пракол колаў у 39 тралейбусаў, стварэнні і адміністраванні тэлеграм-канала і чата, якія прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі, а таксама падпале крана на будоўлі ў 2019 годзе.

Суддзя Анатоль Сотнікаў прызначыў Андрэю 15 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Nashaniva.com