Зяленскі: Расія хоча захапіць не толькі Украіну, але і суседнія краіны

Расея ў вайне супраць Украіны мае больш маштабныя мэты. Расейскае кіраўніцтва хоча захапіць не толькі Украіну, але іншыя суседнія краіны.

29.06.2022 / 14:30

Сяло Бышаў пад Кіевам пасля расійскага нападу. Фота: AP

Аб гэтым заявіў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падчас звароту ў НАТА, паведамляе РБК-Украіна.

Ён лічыць, што Расія плануе цалкам знішчыць украінскія гарады, абстрэльваючы іх з цяжкага ўзбраення. РФ ужо робіць гэта на ўсходзе і поўдні Украіны.

«Для чаго гэта? Для чаго бомбы? Для чаго татальныя артылерыйскія ўдары? Расійская армія робіць усё, каб як мага больш людзей пакінулі гарады. Каб не было нічога, акрамя руінаў. А тады так званая «другая армія свету» заходзіць у гэтыя гарады — ужо пустыя і мёртвыя. І яна не хоча спыняцца на Данбасе або дзесьці на поўдні Украіны», — адзначыў прэзідэнт.

Зяленскі заявіў, што Расія хоча пашырыць межы, лічыць сваёй уласнасцю былыя рэспублікі СССР. Па яго словах, пад ударам могуць быць краіны Балтыі, Малдова і Польшча.

«Яна (Расія) горад за горадам хоча паглынуць так усіх у Еўропе, каго кіраўніцтва Расіі лічыць сваёй уласнасцю, а не незалежнымі дзяржавамі. Гэта — сапраўдная мэта Расіі. Пытанне — хто наступны для яе? Малдова? Краіны Балтыі? Польшча? Адказ — усе яны. Мэты Расіі вядомыя. Яны відавочныя. Расійскае кіраўніцтва бачыць свет па-іншаму. Не так, як вы. Яны глядзяць, напрыклад, на Літву — не як на члена вашага альянсу, а як на Рэспубліку Савецкага Саюза. Для нас яна былая рэспубліка СССР, для нас гэта мінулае, а яны яе разглядаюць як магчымую будучую, яны зноў хочуць яе паняволіць», — растлумачыў прэзідэнт.

Лідар Украіны перасцярог членаў НАТА, што на працягу года сітуацыя можа пагоршыцца, што прывядзе да «рэальнага правалу» альянсу. Паколькі пад ударам Расіі могуць апынуцца ўдзельнікі абароннага саюза.

Nashaniva.com