Лукашэнка назваў Бярдзянск і Марыупаль «вызваленымі»

Выступаючы сёння на нарадзе са сваімі вертыкальшчыкамі, Лукашэнка закрануў сярод іншага праблему вывазу ўкраінскага збожжа і пагрозы сусветнага голаду. Пры гэтым у цалкам расійскім прапагандысцкім рэчышчы назваў «вызваленымі» захопленыя расійскімі войскамі падчас цяперашняй вайны партовыя гарады Бярдзянск і Марыупаль. Бярдзянск — гэта порт у Запарожскай, а Марыупаль — у Данецкай абласцях Украіны.

10.06.2022 / 19:27

Прамова Лукашэнкі была, як заўсёды ў такіх выпадках, насычаная канспіралагічнымі тэорыямі. Маўляў, праблема вывазу збожжа ўзнікла з-за таго, што амерыканцам не ўдалося паставіць пад кантроль большую частку свету, перадусім краіны Афрыкі, Азіі і Лацінскай Амерыкі.

І вось каб гэтую праблему вырашыць, маўляў, і прыдумана праблема, што немагчыма вывозіць збожжа, якога «і няма ў такой колькасці». У выніку можа нават Егіпет з фельдмаршалам ас-Сісі на чале падацца на амерыканскі бок, каб не галадаць.

А Пуцін з Лукашэнкам нібыта якраз займаюць «канструктыўную» пазіцыю і прапануюць шматлікія варыянты вывазу збожжа. Сам Лукашэнка нібыта прапанаваў Пуціну такі варыянт:

«Слухай, Бярдзянск вызвалілі, Марыупаль вызвалілі — добрыя парты на Азове. Ты ім гэта прапануй. Расіяне прапанавалі… Прайшло больш за месяц — ніхто нічога не вязе».

Пры гэтым Лукашэнка хоча, каб Захад лічыў яго ў гэтай вайне нейтральным і не накладаў за ўдзел у ёй санкцый.

Nashaniva.com