«Наклалі 19 швоў». Таццяна Севярынец трапіла ў бальніцу са зламанай нагой
Цяпер маці Паўла Севярынца знаходзіцца ў бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ў Віцебску. Ёй зрабілі аперацыю.
27.05.2022 / 14:50
Фота: сацыяльныя сеткі
Таццяна зламала нагу, упаўшы з ровара.
«Так атрымалася, што мяне крыху падрэзалі, і я, каб не збіць чалавека, на поўным ходзе саскочыла з ровара на правую нагу. Каскадзёрка такая.
Хруснула нага, я пачала крычаць, было вельмі балюча. Той раварыст, які мяне падрэзаў, спыніўся, трымаў маю нагу пакуль не прыехала хуткая. Спрабаваў байкі расказваць, каб я не надта моцна стагнала ад болю.
Атрымліваецца я зламала каленную рэпку і далей галёнку. Дакладна не ведаю, колькі мне вінтоў паставілі: альбо шэсць, альбо дзевяць. Агулам наклалі 19 швоў, вельмі вялікая рана», — расказвае Таццяна Севярынец.
Фота: сацыяльныя сеткі
Лячэнне зойме прыкладна тры з паловай месяцы. Два тыдні ў бальніцы, потым знімуць швы, і можна будзе хадзіць на мыліцах.
«Перад аперацыяй мне зрабілі ўкол у пазваночнік. Толькі чула, што мне нешта сверляць і пах быў гарэлай косці. Я яшчэ запыталася, ці гэта сапраўды так мае косці пахнуць?»
Аднак настрой у Таццяны добры. Нават нягледзячы на тое, што ўсе яе летнія планы рухнулі.
«Хацела паехаць на радзіму да Кастуся майго, да сястры з’ездзіць, на лецішчы ў дачкі пабыць. Але не атрымліваецца. Што тут рабіць? Трэба пацярпець», — кажа яна.