Стала вядома, каго з артыстаў запрасілі на «Славянскі базар». У асноўным тых, хто за вайну

Квіткі на адкрыццё «Славянскага базару» поўнасцю раскупленыя. Пра гэта агенцтву «Мінск-Навіны» паведаміў дырэктар фестывалю Глеб Лапіцкі.

27.05.2022 / 13:58

Лапіцкі таксама распавёў, хто з артыстаў будзе выступаць на фестывалі. Гэта, напрыклад, акцёр Сяргей Бязрукаў, які падтрымаў расійскую агрэсію ва Украіне, спевакі Грыгорый Лепс, які быў з канцэртамі ў самаабвешчанай «ДНР», Ларыса Доліна, Ваенга, Зара, калектывы «Хор Турецкого» і «Земляне». 

Прыедуць і ўкраінцы — Таісія Павалій і Вітас. Яны публічна не выказваліся супраць вайны.

З беларусаў на сцэну традыцыйна выйдуць Аляксандр Саладуха, Анатоль Ярмоленка, Ірына Дарафеева, Алёна Ланская, «Сябры», «Песняры», Тэа і іншыя выканаўцы, імёны якіх мала каму пра што гавораць. Пасля выбараў у Беларусі 2020 года яны не асудзілі гвалт і працягвалі выступаць на праўладных канцэртах. 

Фестываль «Славянскі базар у Віцебску» пройдзе з 14 па 17 ліпеня. Самы танны білет абыдзецца ў 7 рублёў, самы дарагі — у 210 рублёў. 

Nashaniva.com