Аўстрыйцы збіраюцца плаціць за расійскі газ у рублях

Аўстрыйская энергетычная кампанія OMV, найбуйнейшая ў Цэнтральнай Еўропе, паведаміла, што адкрые рублёвы рахунак у Газпрамбанку.

20.05.2022 / 20:26

«OMV увяла працэдуру аплаты, якая не парушае санкцыі і забяспечыць своечасовыя плацяжы за пастаўкі газу з Расеі. Мы лічым нашы аплатныя абавязальніцтвы выкананымі з пералічэннем сумы ў еўра», — пракаментаваў рашэнне прадстаўнік кампаніі.

Перад гэтым у Аўстрыі неаднаразова заяўлялі пра адсутнасць намераў купляць расійскі газ за рублі. Так, калі ў канцы красавіка ў СМІ з'явілася інфармацыя аб тым, што OMV прыняла рашэнне аплачваць газ у рублях, то федэральны канцлер Аўстрыі Карл Няхамер выступіў з аспрэчаннем ў той жа дзень. А праз некалькі дзён кіраўнік МЗС Аўстрыі Аляксандр Шаленберг таксама пацвердзіў намер краіны і далей не плаціць за расійскі газ у рублях.

Раней пра намер аплачваць газ з Расіі праз рахункі ў Газпрамбанку абвясцілі нямецкая VNG і італьянская Eni. Агенцтва Bloomberg са спасылкай на блізкую да «Газпрама» крыніцу 12 траўня пісала, што агульная колькасць еўрапейскіх кампаній, якія адкрылі такія рахункі, дасягнула 20.

Nashaniva.com