У Мазыры пільны таксіст дапамог раскрыць забойства
Цела 73-гадовага мужчыны з прыкметамі гвалту выявілі ў яго доме сваякі. Эксперты налічылі ў загінулага каля 10 нажавых раненняў у шыю. Праваахоўнікі пачалі шукаць падазраванага.
14.05.2022 / 11:07
У той жа дзень у міліцыю звярнуўся кіроўца таксі. Ён расказаў, што напярэдадні падвозіў маладога чалавека, які паводзіў сябе дзіўна. Спачатку яны выехалі на ўскраіну Мазыра, дзе кліент у лесе распаліў вогнішча. Затым пасажыр папрасіў спыніцца побач з узараным полем, дзе ў пакеце нешта закапаў.
У паказаным таксістам месцы аператыўнікі выявілі спаленыя тэлефоны, звязак ключоў, рэшткі ежы і посуду. Стала ясна: дзіўны пасажыр мае дачыненне да здарэння.
Да таго моманту 23-гадовы мазыранін ужо знаходзіўся ў ІЧУ за гвалт у дачыненні да міліцыянта і дробнае хуліганства.
Увечары 9 мая малады чалавек падсеў да пенсіянера, што адпачываў на лавачцы каля дома. Разгаварыліся, пазнаёміліся. Пажылы чалавек прапанаваў новаму знаёмаму адзначыць свята ў яго дома. Дастаў з халадзільніка пляшку гарэлкі, вэнджаную рыбу. Са слоў затрыманага, падчас застолля ў іх адбыўся канфлікт. Госць схапіў кухонны нож і ўдарыў гаспадара ў шыю, потым яшчэ некалькі разоў.