На Байкануры затрымалі брытанскага блогера і грамадзянку Беларусі

На Байкануры затрымалі вядомага блогера Рыча Бенджаміна, якія вядзе канал Bald and bankrupt, і грамадзянку Беларусі — 31-гадовую Аліну Цэлюпу. Пра гэта паведаміў гендырэктар «Раскосмасу» Дзмітрый Рагозін.

07.05.2022 / 20:45

«У 18.10 мск з Касмічнага цэнтра «Паўднёвы» (Байканур) паступіў даклад аб затрыманні ў раёне стартавай пляцоўкі 112 (каля комплексу «Буран») грамадзяніна Вялікабрытаніі Рыча Бенджаміна і грамадзянкі Беларусі Зялупы Аліны (Рагозін напісаў так. — НН). Абодва знаходзяцца ва УУС горада Байканур. Вядуцца следчыя дзеянні», — напісаў ён.

З апублікаваных здымкаў пашпартоў вынікае, што прозвішча дзяўчыны, — Цэлюпа.

Паводле Рагозіна, размова ідзе аб «арганізацыі супрацьпраўных дзеянняў».

Як удакладняе выданне «Медыязона», на канал блогера падпісаны 3,5 мільёна чалавек. Апошнія ягоныя ролікі прысвечаныя Украіне, да гэтага ён выпусціў некалькі дзясяткаў відэа пра Беларусь.

Nashaniva.com