Ва Украіне на аўтазапраўцы прадавалі кубачкі з лагатыпам Беларускай чыгункі, узнік скандал

Прычына скандалу ў тым, што падчас вайны рэкламуюцца паслугі прадпрыемства з краіны-агрэсара, ды і ўвогуле што з такой краіны робяцца пастаўкі прадукцыі. Прыбраўшы партыю беларускіх кубачкаў з продажу, уладальнік заправак, кампанія KLO, адкрыла расследаванне гэтага інцыдэнту і патрабуе тлумачэнняў ад пастаўшчыка, піша тэлеграм-канал «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі».

01.05.2022 / 16:08

«Сітуацыя, якая стала для нас вельмі непрыемным сюрпрызам. Кампанія KLO не супрацоўнічае з дзяржавамі-агрэсарамі!

І хоць нам вельмі цікава, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад, мы не давалі згоды на выкарыстанне кубачкаў Беларускай чыгункі на нашых АЗК.

Усю партыю ўжо прыбіраем з продажу. Чакаем вынікаў афіцыйнага расследавання і заявы ад пастаўшчыка. Мы празрыстыя ў адносінах да ўсіх нашых кліентаў і абавязкова будзем трымаць вас у курсе падзей. Слава Украіне!» — гаворыцца ў паведамленні KLO.

Nashaniva.com