Bloomberg: Нафтавае эмбарга Еўрасаюза супраць Расіі можа запрацаваць да канца года
Еўрасаюз, які на наступным тыдні анансуе шосты пакет санкцый супраць Расіі, плануе адрэзаць Сбербанк ад сістэмы SWIFT, а прапанаванае нафтавае эмбарга пачне паўнавартасна працаваць з канца года. Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на свае крыніцы.
01.05.2022 / 09:34
Адзначаецца, што ЕС плануе прапанаваць забарону на імпарт расійскай нафты з канца года, а да таго моманту паступова будуць уводзіцца абмежаванні. Раней паведамлялася, што спачатку пад забарону можа трапіць расійская танкерная нафта, а пасля — трубаправодная.
Іншыя варыянты, якія абмяркоўваліся для скарачэння нафтавых даходаў Расеі, ўключалі ўсталяванне прайс-кэпаў, гэта значыць абмежаванне цэнаў, а таксама спецыяльныя механізмы аплаты праз эскроў-рахунку і тарыфы.
Беларусь таксама, як мяркуецца, будзе ўключаная ў шосты санкцыйны пакет за яе ролю ў расійскім уварванні, у ходзе якога яна, у прыватнасці, выступала як плацдарм для расійскіх войскаў.
Сярод іншых прапаноў, якія будуць абмяркоўвацца ў рамках новага пакета санкцый — абмежаванні на кансалтынгавыя і воблачныя паслугі, а таксама на куплю нерухомасці.
Таксама можа быць ухвалена больш індывідуальных санкцый, у прыватнасці на вайсковых чыноўнікаў, алігархаў і іхных паплечнікаў, а таксама адказных за ваенныя злачынствы расіян ва Украіне.
Некаторыя краіны — члены Еўрасаюза таксама настойваюць на ўзмацненні жорсткасці наяўных абмежаванняў на марскі гандаль і парты як частку пакета.