Украіна прызнала патанулыя абломкі крэйсера «Масква» аб'ектам сваёй падводнай культурнай спадчыны

Украінскія ўлады прызналі абломкі патанулага ракетнага крэйсера «Масква» Чарнаморскага флоту Расіі аб'ектам падводнай культурнай спадчыны Украіны. Як паведаміла ўкраінскае Міністэрства абароны, патанулы крэйсер ўключылі ў адпаведны рэестр пад нумарам 2064.

22.04.2022 / 18:08

«У адпаведнасці з Канвенцыяй ЮНЕСКА, усе сляды чалавечай дзейнасці на дне Чорнага мора у межах эканамічнай дзейнасці нашай дзяржавы з'яўляюцца ўласнасцю Украіны», — заявілі ва ўкраінскім Мінабароны.

Сёння кіраўнік Рады нацыянальнай бяспекі Украіны Аляксей Данілаў сказаў, што, паводле ўкраінскіх звестак, расіяне змаглі выратаваць з затопленага крэйсера «Масква» толькі 58 чалавек.

«Мы не можам гэта сцвярджаць, але папярэдне выходзіць, што так. Але яны гэта хаваюць. Усяго было на крэйсеры 510 чалавек. Але калі чалавека няма, няма каго хаваць, не трэба праводзіць якую-небудзь цырымонію. Прапаў без вестак, знік. Вось такая палітыка ў расіян», — адзначыў Данілаў.

Nashaniva.com