Затрыманы Арсеній Пахомаў, абвінавачваецца ў пашырэнні «дэструктыўнай інфармацыі» пра вайну

«Пакаяльнае» відэа з гэтым чалавекам з’явілася на праўладным тэлеграм-канале. На ім мужчына кажа, што яму 35 год, ён часова беспрацоўны, а затрымалі яго за тое, што «распаўсюджваў дэструктыўную інфармацыю пра вайну ва Украіне», піша «Вясна».

21.04.2022 / 19:01

ГУБАЗіК таксама паведаміў, што па начах затрыманы нібыта расклейваў налепкі з забароненымі выявамі. У якасці доказу віны Арсенія сілавікі размясцілі ў тэлеграм-канале фотаздымкі з кватэры затрыманага.

На здымках — сцяг Украіны, бел-чырвона-белыя значкі і стужачкі, значкі з надпісамі «Белсат», «Выбары 2006. Назіральнік», сцяг ЗША, сцяг Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, налепкі з надпісам «Не смяротнаму пакаранню», «Баста», вельмі старое пасведчанне пазаштатнага супрацоўніка «Нашай Нівы» і туалетная папера з партрэтам-шаржам Пуціна.

Дзе зараз утрымліваюць Арсенія, праваабаронцам пакуль невядома.

Nashaniva.com