Мінчука асудзілі да двух гадоў калоніі за супраціў участковаму

Стала вядома, што суд Савецкага раёна яшчэ 4 лютага асудзіў 50-гадовага мінчука Аляксандра Сакалоўскага да 2 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле ч. 2 арт. 363 КК (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў), паведамляе «Вясна».

19.04.2022 / 22:39

Інцыдэнт адбыўся 30 кастрычніка мінулага года. Тады ўчастковы ўбачыў увечары ў краме мужчыну ў навушніках з «Пагоняй». Міліцыянт вырашыў, што той незаконна пікетуе, і прыняў рашэнне яго затрымаць, нягледзячы на тое, што быў на выхадным і ў цывільнай форме.

Сакалоўскі, калі да яго ў дварах падышоў участковы, падумаў, што на яго нападаюць, — адбылася тузаніна. Але мужчыну ўсё ж такі затрымалі і арыштавалі на 15 сутак за незаконны пікет навушнікамі.

Пасля ж супраць яго распачалі крымінальную справу. У пацярпелага міліцыянта пры затрыманні на руцэ ўтварылася ранка — Сакалоўскі павінен будзе выплаціць яму 1000 рублёў маральнай кампенсацыі.

Nashaniva.com