Рэжысёра асудзілі да года калоніі за пост «УКантакце» дзяржаўнага сцяга на фоне свастыкі

У судзе Салігорскага раёна 28 сакавіка да аднаго года зняволення асудзілі 46-гадовага рэжысёра Дзмітрыя Панцялейку.

15.04.2022 / 14:25

Яго абвінавацілі па арт. 370 Крымінальнага кодэкса (здзек з дзяржаўных сімвалаў) за тое, што запосціў «УКантакте» малюнак дзяржаўнага сцяга на фоне свастыкі. Справу разглядала суддзя Алеся Серадзенка, паведамляе «Вясна».

Згодна з версіяй абвінавачвання, Дзмітрый Панцялейка ў кастрычніку 2021 года з дапамогай ноўтбука размясціў у двух акаўнтах «ВКонтакте» малюнак дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, на фоне якога была размешчана свастыка. Гэтыя дзеянні кваліфікавалі як здзек з дзяржаўных сімвалаў.

Дзяржабвінавачванне запрасіла для Панцялейкі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін адзін год з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне і прызначыла суддзя Серадзенка. Таксама ў Дзмітрыя канфіскавалі ноўтбук Asus як сродак здзяйснення злачынства.

Nashaniva.com