Паліну Шарэнду-Панасюк асудзілі яшчэ на год калоніі

Суд у закрытым рэжыме на тэрыторыі гомельскай жаночай калоніі асудзіў актывістку «Еўрапейскай Беларусі» Паліну Шарэнду-Панасюк дадаткова на 1 год зняволення. Прысуд вынес суддзя Чыгуначнага раёна Гомеля Мікалай Крупадзёраў, паведамляе сайт Charter97.org, спасылаючыся на мужа палітзняволенай.

07.04.2022 / 20:27

Паліна Шарэнда-Панасюк з мужам

«Паліна на судзе паводзіла сябе мужна. У апошні месяц над калоніяй дзень і ноч ляталі самалёты Расіі. І па тым, што іх зараз не стала, Паліна зразумела, што Украіна перамагае. Паліна жадае ўкраінцам мужнасці, шчасця і рашучасці, — сказаў сайту Андрэй Шарэнда, муж актывісткі.

Паліну Шарэнду-Панасюк асудзілі летась на 2 гады калоніі. На свабоду яна мела выйсці сёлета ў верасні. У лютым яе абвінавацілі ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, і вось у выніку накінулі тэрмін.

Nashaniva.com