Макрон пасля размовы з Пуціным: Горшае наперадзе

Пасля размовы з Уладзімірам Пуціным прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон лічыць, што Пуцін імкнецца захапіць усю Украіну і што «горшае яшчэ наперадзе». Як паведамляе Елісейскі палац, Пуцін выказаў Макрону вялікую рашучасць працягваць наступ з мэтай «узяць пад кантроль» усю краіну.

03.03.2022 / 18:35

Расійскі прэзідэнт сказаў Макрону, што аперацыя расійскага войска развіваецца па плане Масквы. Ён сказаў, што, калі ўкраінцы не здадуцца на ягоных умовах, усё будзе горш.

«Прэзідэнт Макрон чакае, што горшае наперадзе, улічваючы тое, што сказаў яму прэзідэнт Пуцін», — паведамілі ў Елісейскім палацы.

Пуцін таксама заявіў Макрону, што інфармацыя аб ракетных абстрэлах Кіева — гэта няпраўда.

Насуперак словам Пуціна, расійская дэлегацыя на перамовах высоўвае ўсё менш умоваў, а ўкраінскія войскі месцамі перайшлі ў контратаку.

Nashaniva.com