Прадстаўнік Еўрасаюза: Мы разглядаем магчымасць новых санкцый супраць Беларусі, калі яна возьме ўдзел у нападзе на Украіну

Еўрасаюз разглядае варыянт увядзення санкцый супраць Беларусі, калі яна возьме ўдзел у нападзе на Украіну. Пра гэта заявіў журналістам у Бруселі прадстаўнік Еўрасаюза напярэдадні пасяджэння кіраўнікоў МЗС 27 краін супольнасці 21 лютага, піша Reuters.

18.02.2022 / 19:43

«Так, мы разглядаем увядзенне санкцый супраць Беларусі, калі яна прыме ўдзел у нападзе на Украіну», — сказаў прадстаўнік Еўрасаюза, адказваючы на адпаведнае пытанне журналістаў.

Пры гэтым дыпламат адзначыў, што на пасяджэнні ў панядзелак міністры замежных спраў не будуць абмяркоўваць новыя санкцыі супраць Менска.

«Мы працуем над чарговым пакетам санкцый супраць Беларусі, як вы ведаеце, але ў панядзелак гэтай тэмы ў парадку дня не будзе», - дадаў ён.

У той жа час з падачы балтыйскіх краін могуць абмяркоўвацца захады, каб перакрыць Мінску магчымасці для абыходу санкцый, якія ўжо ўведзеныя. 

Еўразвяз не будзе абмяркоўваць увядзенне новых санкцый і супраць Расеі да магчымага «ўварвання на Украіну», заявіў прадстаўнік ЕЗ. Але, як ён падкрэсліў:

«Санкцыі будуць уведзеныя вельмі хутка, калі адбудзецца ўварванне. Але мы спадзяемся, што гэтага не адбудзецца ніколі». 

Nashaniva.com