МУС пацвердзіла падрыў міліцэйскага аўто каля РУУСа. Падазраванага затрымалі 

Здарэнне адбылося ў ноч з 7 на 8 студзеня недалёка ад будынка Цэнтральнага РУУС Мінска. Пра гэта журналістам паведаміў намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч. Міліцыя затрымала падазраванага.

13.01.2022 / 18:22

МУС апублікавала фота падазраванага. Яго выява размытая, тады як звычайна сілавікі публікуюць фоты арыштаваных па палітычных справах адкрыта

Раней інфармацыя пра інцыдэнт была толькі ў тэлеграм-каналах, афіцыйных каментароў не было.

Пазней следчыя органы дадалі таксама інфармацыю, што той жа мужчына ноччу на 13 студзеня нібыта такім жа чынам пашкодзіў кіёск «Табакерка» і урну недалёк ад дома 91 на Старавіленскім тракце.

Таксама следствам нібыта ўстаноўленая датычнасць падазраванага да здзяйснення аналагічнага злачынства ў Цэнтральным раёне Мінска ў кастрычніку 2020 года. 

Затрыманаму мужчыне, паводле следчых, 45 гадоў, ён раней не судзімы і нідзе не працуе, неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за распіццё спіртных напояў і парушэнне правілаў дарожнага руху. Прозвішча яго не называецца, фота таксама пакуль што не публікуюцца.

На месцы яго жыхарства і ў падсобных памяшканнях былі нібыта выяўленыя «не менш за 5 падрыхтаваных да выкарыстання выбуховых прылад і ў вялікіх колькасцях розныя хімічныя рэчывы і кампаненты для іх вырабу, а таксама даведачная літаратура па выбуховых рэчывах, порахах і піратэхнічных саставах».

Фота Следчага камітэта з месца жыхарства падазраванага.

Фота Следчага камітэта з месца жыхарства падазраванага.

Дзеянні падазраванага кваліфікуюцца па арт. 289 (акт тэрарызму, учынены паўторна) Крымінальнага кодэкса.

Што не так з апошнімі «тэрарыстычнымі» справамі аб камені ў акне пракурора і аблітай фарбай машыне суддзі? Разбіраемся з былымі сілавікамі

Nashaniva.com