Прэзідэнт УЕФА: Беларуская федэрацыя футбола не звязаная з рэжымам Лукашэнкі

Кіраўнік Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) Аляксандр Чэферын даў інтэрв'ю бельгійскаму Politico. У ім была закранутая сітуацыя ў Беларусі і тая крытыка, якая абрынулася на Чэферына з-за рашэння УЕФА даць Беларусі права на правядзенне фінальнага турніру сярод жанчын да 19 гадоў у 2025 годзе.

29.12.2021 / 14:19

Адказваючы на гэта, Чэферын падкрэсліў, што «Беларуская федэрацыя футбола не мае ніякага дачынення да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і нястомна спрабуе прасоўваць жаночы футбол».

Разам з тым сітуацыю ў Беларусі кіраўнік УЕФА назваў «жахлівай».

«Калі б дэмакратыя ў 2025 годзе там была на тым узроўні, на якім яна знаходзіцца сёння, было б абсалютна немагчыма правесці турнір у Беларусі. Калі так будзе працягвацца, мы проста не зможам туды паехаць», — канстатаваў Чэферын.

Функцыянер падкрэсліў, што УЕФА сочыць за сітуацыяй у Беларусі, і, хоць у яго няма канкрэтнага крайняга тэрміну для прыняцця рашэння, гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца на кангрэсе ў маі 2022 года ў Вене.