Арышт з Анатоля Каханчыка не зняты — у любы момант яго могуць зноў затрымаць

Праваабаронцам стала вядома, што адміністрацыйны арышт з гаспадара бел-чырвона-белай хаты ў Полацкім раёне Анатоля Каханчыка так і не зняты. У любы момант мужчыну могуць зноў затрымаць.

27.12.2021 / 16:20

Нагадаем, Анатолю прысудзілі 25 сутак арышту за «несанкцыянаванае пікетаванне». Мужчына пяць дзён трымаў сухую галадоўку і з-за гэтага трапіў у шпіталь, але нават там адмовіўся спыняць яе.

Тады адміністрацыя ІЧУ паведаміла Анатолю, што афіцыйна зняла з яго арышт — толькі пасля гэтага мужчына спыніў галадоўку.

Нагадаем, што год таму мужчына пафарбаваў бацькоўскую хату ў вёсцы Алёшча Полацкага раёна ў нацыянальныя колеры: намаляваў на сценах дзве белыя і чырвоную палосы, а ў акне павесіў Пагоню. Праз пэўны час яго асудзілі за гэта як за правядзенне несанкцыянаванага пікета, а потым пагражалі крымінальнай справай за злоснае хуліганства.

Раней яго, як брыгадзіра-чыгуначніка, ветэрана Беларускай чыгункі, узнагародзілі медалём «За працоўныя заслугі».

Nashaniva.com