Затрыманую перад судом над Вольгай Залатар жанчыну трэці раз асудзілі на 15 сутак

Учора 32-гадовая мінчанка Таццяна Батура павінна была выйсці на волю пасля 30 сутак арышту. Але з ЦІП на Акрэсціна жанчыну так і не адпусцілі — сёння яе зноў асудзілі на 15 сутак. Прычынай стала дробнае хуліганства, якое нібыта здзейсніла ў Фрунзенскім РУУС 15 снежня, паведамляюць праваабаронцы.

16.12.2021 / 16:18

На сённяшнім судзе сталі вядомыя падрабязнасці. Учора, пасля заканчэння тэрміну арышту, Таццяну адвезлі ў Фрунзенскае РУУС нібыта на гутарку. Там, згодна з пратаколам, яна «пачала паводзіць сябе агрэсіўна, гучна крычаць, выбіла з рук работніка тэчку, а на заўвагі не рэагавала». За гэта на яе склалі пратакол па арт. 19.1 КоАП (дробнае хуліганства). Сваю віну ў судзе Батура не прызнала.

Таццяну Батура затрымалі 15 лістапада перад судовым пасяджэннем над Вольгай Залатар, асуджаную пазней на чатыры гады калоніі. Тады на ўласным судзе мінчанка заяўляла, што ў РУУС яе ўдарылі галавой аб шафу, траўму галавы зафіксавалі ў бальніцы Нягледзячы на гэта, тады яе ў першы раз арыштавалі на 15 сутак, затым далі яшчэ 15 сутак.

Nashaniva.com