Еўрапейскія авіякампаніі пачалі прадаваць квіткі ў Мінск. Забарона палётаў над Беларуссю хутка ўсё? 

Некаторыя еўрапейскія авіякампаніі ўжо прадаюць квіткі на палёты ў Мінск і з Мінска, звярнула ўвагу «Радыё Свабода». Да прыкладу, на сайце нямецкай Lufthansa можна купіць квіткі на рэйс Мінск — Франкфурт пачынаючы з 21 верасня, а на рэйс Франкфурт — Мінск — з 22 верасня. Польская авіякампанія LOT прадае квіткі Варшава — Мінск і Мінск — Варшава на кастрычнік.

18.08.2021 / 20:54

«Радыё Свабода» звярнулася да авіякампаній з пытаннем, ці значыць гэта, што ў гэтыя даты ўжо не будзе дзейнічаць забарона Еўрапейскага Саюза на палёты ў Беларусь.

Прадстаўнікі LOT адказалі, што цяпер у іх запланаваны «зімовы расклад палётаў», у якім ёсць рэйсы ў Мінск. «Аднак імавернасць далейшага спынення палётаў будзе вызначацца дзейнымі абмежаваннямі. У такім выпадку пасажыры будуць мець магчымасць вярнуць квіткі без дадатковых выплат за рэзервацыю».

Прадстаўнікі кампаніі Lufthansa далі такі адказ: «Усе авіялініі Lufthansa Group пазбягаюць беларускай паветранай прасторы ад канца траўня 2021 года і выкарыстоўваюць альтэрнатыўныя маршруты палётаў. Lufthansa таксама прыпыніла рэйс Франкфурт — Мінск. Мы ў шчыльным узаемадзеянні з нямецкімі і еўрапейскімі ўладамі ў гэтай сувязі. Робячы гэта, мы ўвесь час сочым за апошнімі падзеямі і паступова прыстасоўваем расклад нашых палётаў адпаведным чынам».

Nashaniva.com