Вячорка: да сустрэчы з Ціханоўскай гендырэктар Yara ішоў з рашэннем заставацца ў Беларусі

Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка адзначыў, што «рашэнне Yara пераглядзець супрацу з «Беларуськаліем» — моцны і непрыемны сігнал рэжыму».

14.08.2021 / 20:57

«На сустрэчу са Святланай Ціханоўскай гендырэктар ішоў з гатовым рашэннем заставацца ў Беларусі (санкцыі пакуль Yara не закранулі), — кажа Франак Вячорка. — Заява, якая з’явілася ў выніку складаных і не самых прыемных перамоваў, істотна адрозніваецца ад пазіцыі, агучанай за дзень да таго ў нарвежскіх СМІ». 

Аргументы Yara: абавязальніцтвы перад партнёрамі, якія закупілі прадукцыю наперад, немагчымасць прыпыніць кантракт часова (толькі спыніць і не вярнуцца на гады), просьбы незалежных прафсаюзаў і некаторых праваабарончых арганізацыяў застацца. 

Ціханоўская перадала дакумент з хронікай рэпрэсіяў за апошнія месяцы і папрасіла замарозіць супрацу зараз. 

«У выніку Yara паабяцала пераглядзець кантракт з «Беларуськаліем» у найбліжэйшыя месяцы. Спадзяёмся, гэта адбудзецца раней за снежань», — падсумоўвае Вячорка. 

Yara — найбуйнейшы сусветны вытворца ўгнаенняў. Беларуская калійная кампанія з'яўляецца адным з дзевяці яго ключавых пастаўшчыкоў. Бакі працуюць па пяцігадовых кантрактах. За 11 месяцаў 2020 года выручка склала 66 млн даляраў.

Nashaniva.com