13 жніўня TUT.BY могуць прызнаць экстрэмісцкім. І Zerkalo.io таксама

Суд Цэнтральнага раёна 13 жніўня працягне разгляд пазову заявы ад МУС аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі партала TUT.BY і яго сацыяльных сетак экстрэмісцкімі матэрыяламі. Аднак Міністэрства ўнутраных спраў вырашыла дапоўніць пазоў новымі патрабаваннямі — і прызнаць экстрэмісцкім і Zerkalo.io.

09.08.2021 / 13:38

8 ліпеня падчас маніторынгу інтэрнэту супрацоўнікі МУС выявілі медыя-рэсурс Zerkalo.io.

«На інтэрнэт-рэсурсе Zerkalo.io журналістамі каманды TUT.BY працягваецца інфармацыйны ціск, накіраваны на размяшчэнне інфармацыі з ухілам на дыскрэдытацыю органаў дзяржаўнай улады, інфармацыя падаецца аднабакова, з негатыўнай ацэнкай дзейнасці дзяржаўных органаў, дзе завуалявана (ад трэцяй асобы) пад выглядам інфармацыйных паведамленняў фарміруецца кантэнт, які стварае масіраваны інфармацыйны ціск на падпісчыкаў, ажыццяўляецца прапаганда пратэснай актыўнасці ў грамадстве (так званыя флэш-мобы), накіраваная на фармаванне і ўжыванне пратэснага настрою сярод грамадзян і дэстабілізацыю грамадскай абстаноўкі ў краіне», — гаворыцца ў абгрунтаванні ўстановы.

Партал у сваім паведамленні адзначае, што большая частка каманды TUT.BY не мае да Zerkalo.io ніякага дачынення.

Таксама МУС просіць прызнаць экстрэмісцкімі лагатыпы (лічбавыя вадзяныя знакі) TUT.BY і Zerkalo.

Якія менавіта матэрыялы Zerkalo.io выклікалі прэтэнзіі ў МУС, пакуль невядома.