20 мерцвякоў: у Карыбскім моры знайшлі лодку з трупамі

Жудасная гісторыя адбылася ў раёне астравоў Карыбскага басейна: да берага рухалася невялікае судна з камандай з мерцвякоў, паведамляе мясцовая прэса.

28.06.2021 / 13:23

Лодку, што дрэйфавала, выявілі прыкладна за мілю ад выспы Гранд-Цёрк з 20 мёртвымі людзьмі на борце, паведамілі ўлады Цёркс і Кайкас.

Па паведамленнях уладаў, «карабель-прывід» быў заўважаны рыбакамі 24 чэрвеня 2021 года.

З судна былі вынятыя астанкі 20 чалавек. Цяпер вядзецца праца па высвятленні асобаў загінулых, прычын і абставінаў смерці.

«Пакуль смерці немагчыма патлумачыць, няма відавочных прыкмет насілля», — канстатуюць улады.Таксама паведамляецца, што сярод 20 загінулых — двое дзяцей.

Начальнік мясцовай паліцыі заявіў, што судна, здаецца, прыбыло з-за межаў Карыбскага мора, і мяркуе, што яго пунктам прызначэння не былі астравы Цёркс і Кайкас.

Nashaniva.com