Зорка польскага фільма «Божае цела» закрычаў на поўны голас у Еўрапарламенце ў падтрымку Беларусі

Еўрапейская кінаакадэмія ўручыла прэміі за найлепшыя фільмы. Пераможцу абвясцілі 9 чэрвеня падчас пленарнага пасяджэння Еўрапарламента.

09.06.2021 / 16:25

Прэмію LUX European Audience Award за 2021 год атрымаў фільм «Калектыў» (рэжысёр Аляксандр Нанаў). Другое месца заняў фільм «Божае Цела» Яна Камасы.

Барташ Бяленя, які сыграў у «Божым целе» галоўную ролю крымінальніка Даніэля, які выдаваў сябе за святара Патрыка, атрымліваючы ўзнагароду, прысвяціў свой выступ Беларусі, піша Радыё Свабода.

— Я з Польшчы [акцёр нарадзіўся і вучыўся ў Беластоку]. Польшча знаходзіцца на мяжы ЕС і Беларусі. За гэтай мяжой катавалі людзей. Што я магу зрабіць сёння, дык гэта далучыць свой голас салідарнасці да Яны Шостак, — сказаў ён.

Затым ён стаў крычаць. Дэпутаты сустрэлі гэта апладысментамі.

— «Няхай жыве Беларусь!» — выгукнуў ён у канцы.

Беларуская мастачка з Гродна Яна Шостак жыве ў Польшчы. Яна запачаткавала перформансы-крыкі, якія называе «крыкатэрапіяй». Мастачка хвілінамі з усяе сілы крычыць у розных гарадах, каб прыцягнуць увагу да сітуацыі ў Беларусі. 

Nashaniva.com