Памёр прэзідэнт Танзаніі Джон Магуфулі. Ён адмаўляў кавід і казаў, што краіна перамагла хваробу

Прэзідэнт Танзаніі Джон Магуфулі памёр ва ўзросце 61 года. Пра гэта ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання паведаміла віцэ-прэзідэнт краіны Самія Сулуху Хасан, піша meduza.io.

18.03.2021 / 10:39

Паводле яе заявы, Магуфулі памёр у бальніцы горада Дар-эс-Саламе ад хваробы сэрца, на якую пакутаваў апошняе дзесяцігоддзе.

У сувязі са смерцю Магуфулі ў краіне аб'яўлена двухтыднёвая жалоба. Паводле Канстытуцыі Танзаніі віцэ-прэзідэнт Хасан будзе прыведзеная да прысягі ў якасці новага кіраўніка краіны на астатак тэрміну кіравання Магуфулі, адзначае BBC News.

Tanzania's vice president announces death of President Magufuli on state TV https://t.co/yUXHjwmCq1 pic.twitter.com/qfgzadrXbl

— Reuters (@Reuters) March 17, 2021

Апошні раз Джон Магуфулі з'яўляўся на публіцы 27 лютага. У пачатку сакавіка лідары мясцовай апазыцыі заяўлялі, што прэзідэнта шпіталізавалі ў Кеніі з каранавірусам.

Казалі, што Магуфулі адмаўляў кавід. Ён раіў лячыць вірус малітвамі і травой, а таксама аб'яўляў, што Танзанія перамагла эпідэмію. У краіне не публікаваліся статыстычныя звесткі аб захворванні, а ўрад адмаўляўся ад закупак вакцын.

Магуфулі ўпершыню ўзначаліў Танзанію ў 2015 годзе. Праз пяць гадоў ён быў пераабраны на другі тэрмін.