Дэпутат Марзалюк назваў знос крыжоў у Курапатах навядзеннем парадку перад Вялікаднем

07.04.2019 / 22:52

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў і доктар гістарычных навук пракаментаваў тэлеканалу RTVI знос крыжоў у Курапатах, піша Радыё Свабода.

Што сказаў Марзалюк

1. «Нахабная беспардонная хлусня, што на месцы сталінскіх рэпрэсій нехта зносіў крыжы. Гэта не месца палітычных рэпрэсій, бо расстрэлы адбываліся ў глыбіні ляснога масіву. І тая тэрыторыя, пра якую мы кажам, ніякага дачынення да месцаў расстрэлаў не мае. Гэта ахоўная тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці. У межах зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці, па беларускім заканадаўстве, без дазволу Міністэрства культуры нельга ўзводзіць спаруды. Год таму па-хамску і хуліганску без дазволу беларускіх уладаў паставілі гэтыя 70 новых крыжоў».

2. «З гэтага боку ніякіх пахаванняў няма. Гэтыя крыжы не з'яўляюцца элементамі традыцый і не стаялі тут дзесяцігоддзямі».

3. «У нас перад Вялікаднем прынята наводзіць парадак на месцах смутку, на месцах, дзе сапраўды загінулі людзі. Таму і плот, і добраўладкаванне на гэтым месцы будзе».

4. «Мы бачым, банальную палітычную правакацыю».