Міністр транспарту пра мост у Пінску: Сітуацыя блізкая да аварыйнай

05.04.2019 / 18:56

Міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка наведаў Пінск. Ён правёў рабочую нараду на будаўнічай пляцоўцы каля моста цераз раку Піна, паведамляе «Медыя-Палессе».

Аляксей Аўраменка распавёў, што першачарговай задачай было забяспечыць праезд транспарту ў аб'езд моста, што рамантуецца.

— Сітуацыя з пінскім мостам блізкая да аварыйнай, — працягнуў кіраўнік Мінтранса, — нават няўзброеным вокам відаць, як правіслі бэлькі. Таму праектаванне і некаторыя будаўнічыя працы вядуцца паралельна. Асноўныя праектныя рашэнні ўжо прынятыя, але праект патрабуе шліфоўкі.

Сітуацыя ў Пінску няпланавая, фактычна неабходна разабраць стары і пабудаваць новы мост. Нават старыя маставыя апоры неабходна ўзмацняць, бо іх апорная здольнасць таксама выклікае сумненні.