Прыродны феномен у Чавусах: на рацэ з'явіўся ледзяны круг, які круціцца ВІДЭА

У Чавусах зафіксавалі прыродны феномен — ледзяны круг на рацэ. Відэа рэдкай прыроднай з'явы ў рэдакцыю даслаў чытач TUT.BY Аляксандр Лукуцін.

22.12.2018 / 09:35

Такія ледзяныя кругі — рэдкая прыродная з'ява. Яны з'яўляюцца ў рэках з павольным цячэннем. Кругі ўтвараюцца дзякуючы віравай плыні, што ўзнікае ў рацэ. Кавалак ледзянога покрыва, які трапіў у яе, пачынае круціцца. Падчас кручэння краі гэтага кавалка зразаюцца аб лёд, і неўзабаве можа атрымацца роўны круг, часам — вельмі вялікага памеру, ад некалькіх метраў да некалькіх кіламетраў.

Самы вялікі ледзяны круг выявілі ў 1999 годзе на Байкале — яго дыяметр складаў 4 кіламетры.

Часцей за ўсё ледзяныя кругі можна назіраць у Скандынавіі і Паўночнай Амерыцы, але таксама іх сустракалі ў Вялікабрытаніі, Германіі і Расіі. Як аказалася, цяпер гэты прыродны феномен можна ўбачыць і ў Беларусі.