Прэм'ер Малдовы запатрабаваў вываду расійскіх войскаў з Прыднястроўя

29.09.2018 / 19:20

noi.md

Прэм'ер-міністр Малдовы Павел Філіп запатрабаваў ад Расіі вываду войскаў з Прыднястроўя. Пра гэта ён заявіў падчас выступу на Генеральнай асамблеі ААН, паведамляецца на сайце ўрада краіны.

«Мы заклікаем Расійскую Федэрацыю спыніць гэтыя незаконныя і правакацыйныя [дзеянні] і аднавіць вывад узброеных сіл згодна з абавязацельствам, прынятым на саміце АБСЕ ў Стамбуле ў 1999 годзе», - сказаў прэм'ер-міністр.

Ён растлумачыў, што вывад расійскіх войскаў з тэрыторыі Малдовы дасць магчымасць урэгуляваць прыднястроўскі канфлікт і рэінтэграваць краіну.